НІХТО ДАБРОМ НЕ ДАСЦЬ ЗБАЎЛЕННЯ... [Сяргей Пясецкі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сяргей Пясецкі НІХТО ДАБРОМ НЕ ДАСЦЬ ЗБАЎЛЕННЯ… Менская трылогія Кніга трэцяя

.

«У гэтых людзях віруе сіла, бунт і энергія. Яны шчодрыя, добрыя і сардэчныя. Яны заўсёды гатовыя дапамагчы слабаму, беднаму, хвораму. Іхныя словы не разыходзяцца са справамі, ім можна даверыцца, яны ніколі не ашукаюць тых, з кім жывуць. Гэта адчайныя рызыканты, якія хутчэй успыхнуць і загінуць, чымся будуць шмат гадоў памалу гніць у спёртым паветры мяшчанскага пакойчыка. Іхны сцяг — гэта зіхоткі штандар фантазіі і шляхетнасці. Яны разбураюць умоўнасці. Перад імі адступае Смерць… Гэта не шакалы духу — ненасытныя і лютыя, калі адчуваюць сваю сілу; і гнюсныя ды подлыя, калі знаходзяцца ў прыніжаным становішчы. Гэта тыя, каго пераследуе і знішчае двудушны мешчанін, баючыся іх і адначасова захапляючыся імі».

«…У турмах і зладзейскіх бандах працэнт сапраўды сумленных людзей большы, чымся ў нармальным грамадстве».

«…Калі б думкі забівалі, мары спаўняліся, а жаданні спраўджваліся, то колькі б трупаў, рабункаў, крадзяжоў і гвалту меў бы на сваім сумленні кожны аўтаматычна сумленны жыхар зямной кулі?!»

«…Дурань, недарэка і баязлівец можа стаць міністрам, артыстам, правадыром, палітыкам, пісьменнікам, настаўнікам, святаром, але толькі знаходлівы, разумны і адважны чалавек можа быць прафесійным злодзеем».

Урыўкі з рамана Грамадзяніна «Туман»

1 СВАБОДА СВАБОДЫ І ЯСЕВА ВОЛЬНАСЦЬ

Чэсік Свабода быў шчасліўчыкам. Кішэнныя крадзяжы выходзілі ў яго лёгка, спраўна і гладка. Зусім выпадкова, усляпую, ён часта трапляў на вялікія грошы і за апошнія тры гады ніводнай ночы не правёў за кратамі. Усё яму ўдавалася без якога-небудзь сур’ёзнага шухеру[1]. А кашалькі ў фраераў[2] ён выцягваў не толькі з вочак і вярхушкі, гэта значыць з вонкавых кішэняў, але і з самых тайных сховішчаў, зробленых у адзенні. А цыбулін, інакш цікалак або бімбераў, ён столькі нагроб і нацягаў дадому, што мог бы адкрыць гадзіннікавую краму. Нават самыя недаверлівыя і асцярожныя рабіліся ягонымі ахвярамі. Да найспрытнейшых кішэннікаў ён, аднак, ніколі не належаў, а ў сваёй тэхніцы саступаў не толькі Кулямёту, але і Тосьцы Сароцы. Яму проста незвычайна шанцавала, іншымі словамі, ён меў глік[3]. Апошнім часам ён гэтак асмялеў, што працаваў нават без памагатых: туцара, які прывабліваў ахвяру, і сценкі — памочніка, які засланяў сам крадзеж ад мінакоў.

З ксютай, дзяўчынай, яму таксама пашчасціла. Каханка ў яго што трэба — гожая, зграбная, мілая. Была ёю хіпішніца[4], якая таксама шчыравала ў чужых кішэнях, Малая Сабінка, або проста Малая. Яе празывалі гэтак, каб адрозніць ад Вялікай Сабінкі. Малой таксама ўсюды ўсміхалася ўдача: і ў «мойцы» — абкраданні падпоеных залётнікаў, і ў «гут морган», калі шукалі выпадкова незачыненыя дзверы ў кватэрах. Цягам двух мінулых гадоў яе ні разу не злавілі на гарачым.

Разам яны жылі ўжо амаль год. Партнёры ва ўсім былі роўныя і ні ў чым не назалялі адно аднаму. Чэсік нават не размаўляў з каханкаю пра сацыялізм, бо Сабіна на гэта толькі дурасліва свістала або паказвала язык. Неяк яшчэ ў самым пачатку іх адносін яна абвесціла яму, што для яе гэта ўсё жульніцтва, падман і правакацыя. І яшчэ дадала, што ўсё гэта ёй да аднаго месца, да таго, дзе курыца трымае яйка. Чэсік спрабаваў пакрыўдзіцца:

— І я табе таксама да гэтага месца?

— Ты там самы першы.

— Што-о-о?

Але Малая на гэта толькі ўскудлаціла яму рукою валасы на галаве, цмокнула ў шчаку і пабегла да люстэрка. Там пачала нешта насвістваць, пудрыцца і разглядаць сваё грудзі.

— Зноў укусіў паскуднік! Другі раз атрымаеш у лыч!

І як з такою размаўляць пра камунізм? Такую дык ніякая агітацыя не бярэ. Адно гэта не пасавала Чэсіку ў ягонай абранніцы.

Сёння раніцай Чэсік прачнуўся ў выдатным настроі. Горад учора занялі бальшавікі, і блатны[5] пайшоў на іх падзівіцца. На Саборнай плошчы была збудаваная трыбуна і трываў мітынг. Свабода пастанавіў прапхнуцца праз натоўп уперад, каб лепей усё чуць, але не даў рады. Каля самай трыбуны была жудасная таўкатня, у натоўпе чалавек апынаўся нібыта пад прэсам, які ціснуў з усіх бакоў, таму Свабода застаўся здалёк. З трымценнем ён лавіў кожнае слоўца: свабода, роўнасць, братэрства, правы пралетарыяту, буржуазія, эксплуатацыя, зямля — сялянам, фабрыкі — рабочым, далоў смяротнае пакаранне!

Вецер развяваў чырвоныя палотнішчы. Рос энтузіязм натоўпу. У розныя бакі плылі гукі «Інтэрнацыяналу», якія танулі ў шалёных выбухах людскіх галасоў.

«Не буду больш красці!» — даў зарок Свабода.

Гэтая яго пастанова была цалкам шчырай і свядомай.

«Заўтра пайду шукаць працу. У камітэце мусяць мець для мяне працу. І Малую ўладкую. Пажэнімся і будзем жыць як людзі».

Чэсік вярнуўся дадому сур’ёзны, ва ўрачыстым