Палон [Мікола Аўрамчык] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мікола АЎРАМЧЫК ПАЛОН


Палон: Аповесць.— Мн.: Маст. літ., 1991.— 342 с.


Рэдактар Л. К. Лявонаў

Мастак М. У. Чуднікаў

Мастацкі рэдактар М. Я. Шкурпіт

Тэхнічны рэдактар Г. П. Тарасевіч

Карэктар А. Т. Глушчанка


© М. Я. Аўрамчык, 1991.

© Афармленне. М. У. Чуднікаў, 1991.


1


Апрытомнеў Міхась не адразу. Спачатку ён не ўсведамляў таго, што бачыў расплюшчанымі вачамі, і не чуў, што адбывалася навокал. Свядомасць вярталася да яго запаволена. Зразумеў гэта ён толькі тады, калі разгледзеў над сабою блакітны небасхіл, зацягнуты рэдкімі белымі воблакамі. Гэты небасхіл нагадаў хлопцу вялізную блакітную міску. Бывала, з глінянага гарлача маці выкульвала ў яе сыраквашу. У летнюю спякоту, прынесеная са склепа, халодная-халодная, з кіславата-саладжавым прысмакам, як тая сыракваша наталяла смагу.

Міхась гатоў быў аблізнуць парэпаныя губы, але ў роце непаслухмяна варухнуўся адзервянелы язык. Смылела абпаленае смагаю нутро.

«Чаму я ляжу дагары? Дзе мая вінтоўка?»

Хлопец паспрабаваў паварушыцца, аднак адчуў, што абнямог: як быццам адняло рукі і ногі. Нават ніводным рухам ён не зрэагаваў на з’яўленне рыжага нямецкага афіцэра, што ўзнік над ім, як прывід, злосна плямкаючы губамі і ўзмахамі рэвальвера загадваючы ўстаць. Невядома, што адбылося б, калі б наступны момант два расхрыстаныя чырвонаармейцы, у якіх Міхась як праз сон пазнаў байцоў свайго ўзвода Абзалутдзінава і Драпезу, не падхапілі і не паставілі хлопца на ногі.

— Сіліч, трымайся, — падбадзёрвалі яны, упрошваючы. Калі б яны не падтрымлівалі яго пад пахі, ён не ўстояў бы: перад вачамі ўсё пайшло кругам—і неглыбокая варонка, і ляжачыя на зямлі постаці ў гімнасцёрках.

Доўгі баец з адарванай палавінаю стрыжанай галавы ляжаў ніцма. Ён шырока раскінуў рукі і ногі, як быццам напаследак жадаючы абняць па-болей роднай зямлі. Чарнявы, што скурчыўся карчаком і застыў легма на баку, выглядаў дзіцем.

Міхась не ведаў, колькі часу мінула з тае пары, як яны досвіткам адзіным рыўком рушылі на прарыў варожага акружэння. «Няўжо наш імклівы парыў захлынуўся ў крыві, сустрэты кулямётнымі чэргамі і шквалам мінных выбухаў? Але ж я, здаецца, не паранены... Можа, мяне выбуховая хваля чмякнула вобземлю? Таму і адчуванне такое, нібыта ў мяне вушы заткнуты коркамі. «Знясілеў ты, Сіліч... Цяпер і прозвішча тваё табе не да твару».

Стоячы, ён трохі асвойтаўся: зямля ўжо не кружылася навокал, толькі пабольвала галава. Ён стараўся не абапірацца на Абзалутдзінава і Драпезу, хаця тыя па-ранейшаму падтрымлівалі яго пад рукі, як невідушчага. А ён вытрашчанымі вачамі разглядаў нямецкіх салдатаў, якіх бачыў зблізку ўпершыню. Постаці ворагаў зграбна аблягалі кароткія кіцелі з пярэстымі арламі на грудзях і з каляровымі стужкамі ў пятлічках для гузікаў. З-за шырокіх халяў вытыркаліся ражкі з патронамі.

Толькі цяпер хлопец прыкмеціў, што ў іх руках, з закасанымі да локцяў рукавамі, час ад часу торгаюцца аўтаматы, накіраваныя на ляжачых чырвонаармейцаў. А калі ўбачыў, як у руцэ рыжага афіцэра таксама зрэдку ўздрыгвае наведзены на ахвяры парабелум, дык толькі тады зразумеў, што немцы прыстрэльваюць параненых.

«Значыць, я зусім аглух, калі нават зблізку не чую страляніны. Можа, у вушах лопнулі барабанныя перапонкі? А драпежнікі, як стракатыя сойкі, зляцеліся дадзёўбваць жывую здабычу. Прыстрэльваюць бяззбройных, параненых. Калі б не ўвішныя Абзалутдзінаў і Драпеза, дык гэты рыжы, мабыць, і мяне црыкончыў бы». Пад уражаннем усяго бачанага хлопец усё роўна як анямеў.

Дзесяткі два параненых і кантужаных, што ледзьве перастаўлялі ногі, падтрымліваючы адзін аднаго, немцы павялі туды, куды на дасвецці чырвонаармейцы прарываліся з акружэння.

На вытаптанай траве ляжалі забітыя. Сям-там каля іх валяліся выкарчаваныя выбухамі прывялыя кусты, і скрозь, як глянуць, тырчэлі адны камлі ссечанага кулямі маладога рэдкалесся. Едка патыхала паленай свежанінай ды прытарна пахла крывёю.

У адным месцы ўпоравень з бухматым зялёным кустом, за якім, напэўна, маскіраваўся нямецкі кулямётчык, нібы не прыкіданы зямлёю капец брудна-жоўтай кармавой морквы, уздымалася куча адстрэленых буйнакаліберных гільзаў.

Прывялі небаракаў на голае поле і далучылі да іншых сагнаных сюды байцоў. Куды са зброяй у руках яны прабіваліся з акружэння, там, абяззброеныя, апынуліся ў палоне. Мабыць, таму, што тут не было каму ўзорваць і засяваць поле, яно пуставала пад папарам. Сюды сагналі процьму людзей, нібы агромністы гурт жывёлы. Пустка, як здратаваны майдан, пакінуты для пашы, была вытаптана тысячамі ног. Аслабелыя моўчкі адлежваліся на спіне і на баку, параненыя сядзелі, зрэдку перакідваючыся словам!, здаравейшыя сноўдалі з месца на месца, каб напіцца. Усе былі галодныя і пакутавалі ад смагі.

Сіліча прыгнятала ягоная непаўнацэннасць. Трохі ачомаўшыся, ён ледзьве падзякаваў Абзалутдзінаву і Драпезу за тое, што тыя выратавалі яму жыццё,