Спіраль гісторыі [Уладзімір Мажылоўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ

СПІРАЛЬ ГІСТОРЫІ

Аповесць

1

Ён сядзеў на высокім крэсле і з дзіцячай непасрэднасцю глядзеў на сваіх дарадцаў. Кучаравая, ахайна падстрыжаная бародка, прамы нос, доўгія цёмныя валасы, магутныя грудзі асілка і халодныя вочы. Яшчэ заўчора вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч загадаў сабраць малы савет на нараду і сёння, калі ўсе дружным натоўпам зайшлі ў палату і пачалі займаць свае месцы на лавах, ён з непрыхаваным нецярпеннем узіраўся ў іх твары. Дзмітрый Баброк-Валынскі, як звычайна, быў пахмур- ным. «Пэўна, не лады ў цябе з жонкай, ваявода», — падумаў пра свайго зяця Дзмітрый і перавёў позірк на стрыечнага брата Уладзіміра Серпухоўскага. «Во, гэты малайчына — заўсёды жыццярадасны і вясёлы». Вялікі князь ад выгляду Уладзіміра і сам усміхнуўся, павесялеў. З лагоднай усмешкай на вуснах ён спагадліва хітнуў галавой састарэламу, але вельмі разумнаму князю Фёдару Тарускаму, усміхнуўся Івану Белазерскаму, а свайму першаму дарадцу Брэнку нават змоўніцкі падміргнуў, што той прыняў як сігнал да пачатку нарады.

— Сёння карабель прыйшоў ад свеяў, — пачаў Брэнка. — Зброю прывёз, якую ты, вялікі князь, некалі замовіў.

— Усё прывёз пра што дамаўляліся? — Дзмітрый адразу стаў сур’ёзным. — Самастрэлы ад франкаў? А кальчугі?

Брэнка хітнуў галавой:

— І мячы, і кальчугі, і самастрэлы.

— Добрая навіна, — ад узрушэння Дзмітрый прыгладзіў некалькі разоў сваю чорную бародку. Вочы яго пацяплелі. — Аднак хацелася б паглядзець зблізку на іхнія самастрэлы.

Брэнка згодна хітнуў галавой і нетаропка накіраваўся да дзвярэй. Хутка ён вярнуўся назад і сеў на лаву.

— Колькі самастрэлаў прывёз нямчына? — пацікавіўся Баброк і азірнуўся на вялікага князя, ці не перабіў яго думку. Не, Дзмітрый маўчаў. Толькі нябачная жылка нервова пульсавала пад яго левым вокам. — Ці хопіць нам іх, каб узброіць хаця б адну дружыну?

— Тры сотні самастрэлаў і да кожнага па тры камплекты каваных стрэл.

— Нямнога, — уздыхнуў ваявода.

— Нямнога, — ахвотна пагадзіўся з ім князь Тарускі, — але ж іх можна вырабляць і ў нас. Дайце мне год і я яшчэ сем соцень гэткіх лукаў пастаўлю.

— Няма ў нас года, князь Фёдар, — уступіў у гутарку Дзмітрый. — Лазутчыкі дакладваюць, што Мамай войска збірае. Хоча адпомсціць нам за захоп Мардовіі.

— А як бы ён паступіў, калі б мардоўцы яму здрадзілі? — злосна бліснуў вачыма Баброк. — Правільна зрабіў князь Гарадзецкі, што люта пакараў здраднікаў за іх подласць на рацэ П’яне.

— З гэтым ніхто і не спрачаецца, — вялікі князь быў спакойны. — Аднак справа не ў мардвінах. Не хоча Мамай дапусціць нашага ўзмацнення, баіцца нашага выхаду з Арды...

Разважанні Дзмітрыя перапыніла з’ўленне тысячніка Вігнута, які прынёс загорнуты ў грубае палатно свейскі самастрэл.

Вялікі князь адразу забыўся пра татар і хутка накіраваўся да Вігнута.

— Вось, княжа, тое, што мне загадалі прынесці, — тысячнік працягнуў зброю.

— Давай, — Дзмітрый нецярпліва разгарнуў палатно. — Ах, які прыгажун! Гэта ж трэба такую рэч зрабіць! — Ён пяшчотна правёў рукой па прыкладзе самастрэла, апусціў яго на падлогу і пачаў павольна круціць рукаятку, адцягваючы цеціву. Потым зноў зірнуў на Вігнута: — Стрэлы захапіў?

Тысячнік дастаў з невялікага клунка чорную металічную стралу і падаў князю. Той нетаропка паклаў яе ў паз і азірнуўся на прыціхлых дарадцаў.

— Няўжо гэты металічны абрубак праб’е свейскую браню?

— Любую праб’е, — за ўсіх адказаў Вігнут. — Што свейскую, што нашу, што татарскую.

Вочы вялікага князя палыхнулі недаверам. Ён яшчэ раз агледзеў металічны дручок, што ляжаў у неглыбокім пазе самастрэла, крыва ўсміхнуўся:

— Паклічце сюды нашага збройніка Цімоха. І кальчужку лепшую хай з сабой захопіць.

Цімоха з’явіўся хутка і, пэўна, яго адцягнулі прама ад горна, бо быў ён потны, ускудлачаны, перапэцканы ў сажы. Позірк яго блакітных вачэй з непаразуменнем пераскокваў з аднаго твару на другі — на іх каваль шукаў адказ на простае пытанне: «Навошта ён раптоўна спатрэбіўся вялікаму князю?» Ад разгубленасці ён нават забыўся пакланіцца высакародным князям.

Едкі пах дыму і поту напоўніў княжую палату.

— Хачу, Цімоха, праверыць моц брані, якую ты робіш для абароны нашай, — звярнуўся да збройніка Дзмітрый. — Паглядзець, ці праб’е яе свейская страла.

Убачыўшы побач з сабой вялікага князя, каваль ледзь не самлеў. Упасці на калені! Аднак ці выратуе яго гэта ад смерці, калі ён ужо абганьбіў князёў сваім стаяннем? Ён не чуў слоў Дзмітрыя і з непаразуменнем глядзеў на яго.

— Ты што, аглух? — урэшце прабілася да яго свядомасці пытанне. Побач стаяў Баброк і трос яго за плячо. — Ідзі, павесь ля дзвярэй сваю кальчугу.